“Спадар Аляксандар ад 1999 году жыве ў
Івянцы, але нарадзіўся на хутары за 20 км ад мястэчка. Аляксандар Шакуля на службе ў Войску Польскім ператварыўся ў Аляксандра Шакеля. Менавіта такая форма прозьвішча значыцца ў ягоным брытанскім пашпарце. Сёньняшні імяніньнік – герой Монтэ-Касына”. – так пачынаецца допіс, які, паводле галасаваньня наведнікаў сайту 101blog.net быў прызнаны найлепшым за 2007 год беларускай блогасфэры. Яго аўтар – блогер abrykos, у рэальным сьвеце – журналіст і літаратар Севярын Квяткоўскі. Гледзячы, як пераможца задаволена пазіруе фотаапарату з “актуальным прызам” – кампутарнай мышкаю –іншыя блогеры трапна ахрысьцілі яго катом Матроскіным. Які, дадам ад сябе, паважна муркоча: “Інтэрнэт мне целявізар замяніў”. Мы гутарым са спадаром Абрыкосам пра спэцыфіку беларускага блога і іншыя сфэры.
Як табе – пачувацца аўтарам найлепшага паста 2007 году?
Я ўвогуле ўсьцешаны тым, што з ініцыятывы ў прыватным блогу ў выніку паўстаў рэсурс 101blog.net. Мне прыемна, што ў галасаваньні ўзяло ўдзел некалькі соцень чалавек і многія зь іх прагаласавалі за мой пост. Прыемна, бо за ім стаіць мая праца: паездка, размова з чалавекам. Я стараўся зрабіць усё дастаткова прафэсійна. На будучыню я бы параіў стваральнікам рэсурсу рабіць такія імпрэзы з большым розгаласам, запрашаць журналістаў, каб сайт набыў вядомасьць. Бо відавочна: актыўнае грамадскае, вольнае ад цэнзуры жыцьцё абдываецца цяпер у інтэрнэце, у блогасфэры, і трэба гэтую беларускую інтэрнэт-супольнасьць мацаваць і пашыраць.
“МОЙ МАЛЕНЬКІ СМІ”
Пост пра Аляксандра Шакулю – гэта, у прынцыпе, фарматная журналісцкая навіна. Чаму ты абраў для публікацыі фармат блогу?
Па-першае, гэта не зусім журналісцкая навіна. Тое, што чалавеку споўнілася 102 гады, у нашых шыротах ня мае нічога незвычайнага, вось калі б яму споўнілася 122 гады – гэта была б сапраўды сэнсацыя. Гэта не зусім журналістыка: я дадаў там свайго, а СМІ патрабуе толькі факты, спасылкі на іншых камэнтатараў, а тут я хацеў выказацца менавіта як “я”, як аўтар. Калі гэта і журналістыка, то аўтарская. Аўтарская журналістыка ня вельмі запатрабаваная сёньня ў Беларусі. А па-другое, мне вельмі падабаецца, што ў мяне ёсьць мой маленікі СМІ – інтэрнэт-дзёньнік. Паводле рэйтынгу Яндэксу, мяне чытае прыкладна 360 чалавек(а пасьля маёй маленькай перамогі можа й болей), у мяне свая аўдыторыя, і мяне гэта цалкам задавальняе. Мне важны менавіта мой аўтарскі тэкст – тое, чаго журналіст ня можа сабе дазволіць: свой позірк, сваё меркаваньне, сваё бачаньне.
“КРЫХУ МІНУЛЫ ЧАС”
Што ты маеш на ўвазе пад незапатрабаванасьцю аўтарскай журналістыкі ў Беларусі?
Людзі, якія чыталі “Нашу Ніву” ўзору 1990-х гадоў, маглі заўважыць, што па форме гэта была газэта, а па зьмесьце – хутчэй літаратура, публіцыстыка. Нават факты падаваліся менавіта праз бачаньне чалавека, аўтара – такі сабе сынтэз. З традыцыйных газэтных і радыёфарматаў да блогу, відаць, найбліжэй калюмністы. У калюмніста ёсьць меркаваньне, ён яго выказвае – дадатак да асноўнага фармату навінаў. Калюмністы ў Беларусі ёсьць, гэта некалькі імёнаў, вядомых яшчэ з 1990-х, яны пішуць вялікія палосы, старонка, паласа, ці нават разгарот. Мне здаецца, гэта крыху мінулы час. Мне б хацелася бачыць у СМІ больш камэнтароў, рэакцыяў канкрэтных людзей.
“Я ЛЮБЛЮ ПАПЕРУ”
Дасьледчыкі інтэрнэт-камуніцацыі вызначаюць такую клясу інтэрнэт-карыстальнікаў, як “лічбавыя імігранты” Гэта людзі, старэйшыя за 25 год, якія сфармаваліся як асобы задоўга да эпохі камунікацыйнага выбуху. Ім цяжка прыстасавацца да сеціўных законаў, яны ня мысьляць інтэрнэт-катэгорыямі. Ці пачуваешся ты такім “лічбавым імігрантам”?
Сапраўды, як асоба я сфармаваўся да эпохі інтэрнэту. Актыўна ўдзельнічаць у інтэрнэт-стасунках я пачаў з 2002 году. Мой выпадак, напэўна, зьвязаны з тым, што ў Беларусі з 2001 году пачалі зьнікаць СМІ як такія. Я вельмі люблю газэту. Я люблю паперу. Але я ўжо забыў, калі апошні раз выцягваў са скрыні ранішнюю газэту, сядаў на кухні з кубкам кавы і цыгарэткаю і гартаў яе. Газэты ўсё зьнікалі і зьнікалі, і цяпер у Беларусі фактычна няма ніводнай, якая была б мне нагэтулькі цікавай, каб я ішоў шукаць яе ў шапіках, альбо афармляў падпіску. Напэўна, таму я і засвоіў інтэрнэт, я там зараз камфортна сябе адчуваю, я знайшоў пляцоўку для папулярызацыі сваёй творчасьці. Праект, які я выдаў кніжкай – “Фрашкі да пляшкі”, на маю думку, атрымаўлся такім разнастайным дзякуючы інтэрнэту, сайту litara.net, дзе я ня проста публікаваў маленькія мініятуры, а атрымліваў фід-бэк ад чытачоў. Больш за тое, чытачы ў адказ дасылалі свае творы. “Народныя фрашкі” – супольны праект, які паўстаў у сеціве. Інтэрнэт – гэта незалежнасьць. Хоць эстэтычна манітор ніколі не заменіць мне паперу.
“ВЫДАТНАЕ ВЫЙСЬЦЕ З-ПАД КАНТРОЛЮ”
Сёньня ў Эўропе і СНД ладзіцца шмат міжнародных блогерскіх імпрэзаў. Адна з бліжэйшых – “не-канфэрэнцыя” Bar Camp у Рызе 8-10 лютага. Як ты ставішсяда такіх падзеяў?
Я лічу, гэта супэр. Больш за тое, я зьбіраўся ў Рыгу, але не атрымалася па часе. Перад Новым годам я зьезьдзіў у Кіеў на імпрэзу мастацкай ініцыятывы “З Табурэтам”. Дзякуючы інэрнэту, яны па ўсім сьвеце знаходзілі сабе сяброў, упіскі, аўдыторыю. Пасьля гэтага Беларусь, Літва, Латвія, Эстонія, Швэцыя, Нарвэгія, Фінляндыя і Україна сьпісаліся літаральна за дзень – і ўсе разам прыехалі ў Кіеў, каб пазнаёміцца, аб’яднаныя сымпатыяй да канкрэтнага творчага праекту. Такім чынам можна ладзіць многія рэчы, яны і зараз ужо ладзяцца, а ва ўмовах Беларусі, калі дзяржава імкнецца кантраляваць усе сфэры жыцьця, – гэта выдатнае выйсьце з-пад кантролю.
Ці зьбіраешся ты яшчэ наведаць у Івянцы свайго героя – Аляксандра Шакулю?
Так, зьбіраюся да дзеда ў госьці напачатку лютага.
Comment on this